БЯРЭ́ЗІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,

былы штучны водны шлях у Беларусі, у Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., які злучаў бас. Дняпра і Зах. Дзвіны. Даўж. 169 км. Пабудавана ў 1797—1805 для вывазу буд. лесу з Мінскай губ. ў Рыгу. Пачыналася ад р. Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р. Сергуч, праходзіла па абводным Сергуцкім канале (даўж. 10 км), азёрах Манец і Плаўна, злучальным Бярэзінскім канале (8 км) на водападзеле Бярэзіны і Улы, воз. Бярэшча і р. Бярэшча (Верабскі канал, даўж. 8,4 км), р. Эса, воз. Лепельскае, р. Ула (левы прыток Зах. Дзвіны). Мела 14 шлюзаў і 3 прыстані (Сергуцкую, Лепельскую і Чашніцкую). Участак ад р. Бярэзіна да воз. Плаўна ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У канцы 19 ст. страціла гасп. значэнне з-за канкурэнцыі чыг. транспарту, празмернай высечкі лесу і абмялення рэк і азёр. Не дзейнічае, пдратэхн. збудаванні не захаваліся.

т. 3, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)